XVIII Мінскі форум

2–3 снежня 2020

У гэтым годзе Беларусь знаходзіцца ў глыбокім крызісе – і адначасова праходзіць перыяд грунтоўных перамен. Пасля фальсіфікацыяў на прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года на вуліцы выйшлі і працягваюць выходзіць сотні тысяч людзей, якія не хочуць, каб іх галасы і, такім чынам, іх самавызначэнне былі скрадзеныя. Прэзідэнт і ўрад рэагуюць рэпрэсіямі і гвалтам і не праяўляюць ніякага імкнення да дасягнення ўзаемаразумення. Арыштаваны тысячы людзей, колькасць палітвязняў павялічваецца. З вялікай адвагай і рашучасцю народ кідае выклік гвалту ў ходзе мірнага пратэсту.

«Мінскі форум» – гэта шэраг канферэнцый, заснаваных Райнерам Лінднерам у 1997 годзе, якія за перыяд да 2019 года зрабіліся фарматам нацыянальнага і міжнароднага дыялогу. На працягу гадоў свайго існавання і дзякуючы арганізацыі з боку «Нямецка-беларускага таварыства» (dbg e.V.) форум ператварыўся ва ўнікальную пляцоўку абмену думкамі і ідэямі для прадстаўнікоў палітыкі, бізнесу і грамадзянскай супольнасці з Беларусі і суседніх краін.

Мінскі форум ужо больш за два дзесяцігоддзі суправаджае Беларусь на яе складаным шляху паміж Расеяй і Еўрапейскім Звязам. Ён уяўляе сабой няпростую ўжо і ў мінулым спробу спрыяць дыялогу ў самой Беларусі паміж прадстаўнікамі дзяржавы, незалежнай грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй, але таксама паміж Беларуссю і яе прамымі суседзямі і з Нямеччынай.

На Мінскім форуме ўпершыню сталі магчымымі сустрэчы ўрада і апазіцыі. У перыяд з 2011 па 2015 год Мінскі форум праходзіў у Вільні, бо арганізатары адмовіліся праводзіць яго ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і гвалту супраць апазіцыі.

На працягу многіх гадоў важную ролю адыгрывалі як абмен пытаннямі гісторыі і культуры, так і прасоўванне дзелавых кантактаў. Выклікі ўстойлівай мадэрнізацыі і дыверсіфікацыі эканомікі ў Беларусі па-ранейшаму вялікія. Гэта патрабуе інтэнсіўнага супрацоўніцтва з заходнімі партнёрамі і стварэння незалежнай судовай сістэмы.

Правядзенне прысвечанага дыялогу Мінскага форуму сёння, на першы погляд, здаецца амаль безперспэктыўным. Сапраўды, мы не верым, што можам паказаць шляхі звонку. Мы стаім на баку людзей, якія мірна адстойваюць свае правы. Мы заклікаем спыніць гвалт і вызваліць палітвязняў. У той жа час мы перакананы, што грамадству неабходны працэс дыялогу наконт сваёй палітычнай будучыні, і мы хочам выкарыстаць нашы магчымасці, каб адкрыць прастору для такога дыялогу. У цяперашняй сітуацыі мы таксама запрасілі прадстаўнікоў урада на сёлетні Мінскі форум, але яны адмовіліся ад гэтай магчымасці для дыялогу.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, не можа пакінуць нас абыякавымі. У Нямеччыне і ЕЗ мы не проста хочам быць назіральнікамі, нас гэта таксама кранае і мы хочам пагаварыць пра тое, як мы можам праявіць салідарнасць у канкрэтным плане і дапамагчы суправаджаць і падтрымліваць Беларусь на шляху да самавызначэння.

Арганізатар Мінскага форуму – Нямецка-беларускае таварыства, якое летась адзначыла сваё дваццацігоддзе. У канцы 2019 года старшынёй таварыства быў абраны Маркус Мекель, былы дэпутат Бундэстага ад партыі СДПГ, былы міністр замежных спраў і адзін з удзельнікаў гістарычных перамоваў аб адзінстве Германіі «2 + 4». Партнёрамі з’яўляюцца “Фонд нямецка-польскага супрацоўніцтва”, Фонд ім. Конрада Адэнаўэра, Фонд ім. Фрыдрыха Эберта, Фонд ім. Генрыха Бёля і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў. Мінскі форум сёлета зноў праходзіць пад патранажам амбасады Нямеччыны ў Мінску.

Маркус Мекель, старшыня нямецка-беларускага таварыства